ЭКАНАМІ́ЧНАЙ РАЎНАВА́ГІ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя, якая тлумачыць механізм функцыянавання ўзнаўлення. Аб’ядноўвае гранічнай карыснасці тэорыю, тэорыі гранічнай прадукцыйнасці і попыту — прапановы, на падставе якіх будуецца сістэма эканоміка-матэм. мадэлей раўнавагі. Склалася ў выніку спалучэння дзвюх плыней у рамках матэм. школы: тэорый і мадэлей частковай раўнавагі ў працах эканамістаў англ. У.С.Джэванса і франц. А.​Курно; тэорый агульнай раўнавагі ў працах прадстаўнікоў лазанскай эканам. школы (М.Э.Л.Вальрас, В.Парэта), а таксама стакгольмскай школы (К.Віксель, Э.​Ліндаль і інш.). Вальрас упершыню ў матэм. форме (у выглядзе сістэмы ўраўненняў) апісаў устанаўленне раўнавагі на двух вядучых рынках — вытв. паслуг і прадметаў спажывання. На яго думку, уласнікі фактараў вытв-сці ў адным выпадку выступаюць у ролі прадаўцоў, а прадпрымальнікі — у ролі пакупнікоў фактараў вытв-сці, у другім — уласнікі з’яўляюцца пакупнікамі, а прадпрымальнікі — прадаўцамі прадметаў спажывання. Паводле Э.р.т., адбываецца адначасовае вызначэнне цаны на спажывецкія тавары і фактары вытв-сці; пры раўнаважным становішчы попыт і прапанова вытв. паслуг, прадуктаў харчавання роўныя, а прадажная цана прадуктаў адпавядае выдаткам, што выяўляецца ў вытв. паслугах; першыя дзве ўмовы адносяцца да раўнавагі абмену, а трэцяя — да раўнавагі вытв-сці. Мадэлі агульнай эканам. раўнавагі аналізуюцца ў працах Г.​Каселя, А.​Вальда, К.Эраў, Дж.Дэбро, Л.​Макензі, Р.​Раднера.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)